Кніга Ёва. Chapter 33

1 Дык вось, слухай, Ёў, словы мае і ўважай усім словам маім.
2 Вось, я адкрываю вусны мае, язык мой гаворыць у гартані маёй.
3 Словы мае ад шчырасьці майго сэрца, і вусны мае вымавяць веданьне чыстае.
4 Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне ‹сеўладнага дало мне жыцьцё.
5 Калі можаш, адказвай мне і стань перад мною.
6 Вось я, па жаданьні тваім, замест Бога. Я створаны таксама з гразі;
7 таму страх перад мною ня можа зьбянтэжыць мяне, і рука мая ня будзе цяжкая табе.
8 Ты гаварыў у вушы мае, і я чуў гук слоў:
9 чысты я, без пахібы, нявінны я і няма ўва мне няпраўды;
10 а Ён знайшоў абвінавачаньне супроць мяне і лічыць мяне Сваім супраціўцам;
11 закаваў ногі мае ў калодкі, сочыць за ўсімі шляхамі маімі.
12 Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, таму што Бог вышэйшы за чалавека.
13 Навошта табе спаборнічаць зь Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае.
14 Бог гаворыць адзін раз, і калі таго не заўважаць, другі раз:
15 у сьне, у начных відзежах, калі сон находзіць на людзей, у час дрымоты на ложку.
16 Тады ён адкрывае ў чалавека вуха і ўкладвае Сваё настаўленьне,
17 каб адвесьці чалавека ад якой-небудзь задумы і адвесьці ад яго пыху,
18 каб адвесьці душу ягоную ад прорвы і жыцьцё ягонае ад паразы мечам.
19 Альбо ён наводзіцца на розум хваробаю на ложку сваім і моцным болем ва ўсіх касьцях сваіх, -
20 і жыцьцё ягонае адварочваецца ад хлеба і душа ягоная ад смачнай яму ежы.
21 Плоць на ім прападае, так што яе ня відаць, і паказваюцца косьці ягоныя, якіх ня было відаць.
22 І душа ягоная набліжаецца да магілы і жыцьцё ягонае - да сьмерці.
23 Калі ёсьць у яго анёл-настаўнік адзін з тысячы, каб паказаць чалавеку простую дарогу ягоную, -
24 Бог умілажаліцца зь яго і скажа: вызвалі яго ад магілы; Я знайшоў умілажаленьне.
25 Тады цела ягонае зробіцца сьвяжэйшае, чым у маладосьці; ён вернецца ў дні маладосьці сваёй.
26 Будзе маліцца Богу, і Ён - літасьцівы да яго; з радасьцю глядзіць на твар ягоны і вяртае чалавеку праведнасьць ягоную.
27 Ён будзе глядзець на людзей і казаць: грашыў я і перакручваў праўду, і не адплачана мне;
28 Ён вызваліў душу маю ад магілы, і жыцьцё маё бачыць сьвятло.
29 Вось, усё гэта робіць Бог два-тры разы з чалавекам,
30 каб адвесьці душу ягоную ад магілы і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.
31 Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гаварыць.
32 Калі маеш сказаць што, адказвай; кажы, бо Я хацеў бы твайго апраўданьня;
33 а калі не, дык слухай мяне, і я навучу цябе мудрасьці.