Кніга Выслоўяў Саламонавых. Chapter 20

1 Віно - глумлівае, сікера - шалёная; і кожны, хто захапляецца імі, неразумны.
2 Пагроза царовая - нібы рык ільва: хто дражніць яго, той грэшыць супроць самога сябе.
3 Гонар чалавеку - ухіліцца ад свары; а хто любіць сварыцца - неразумны.
4 Гультай зімою не арэ; жабруе летам - і няма нічога.
5 Помыслы ў сэрцы ў чалавека - глыбокія воды, але чалавек разумны вычэрпвае іх.
6 Многія хваляць чалавека за мілажальнасьць, а хто знойдзе чалавека надзейнага?
7 Праведнік ходзіць у сваёй беспахібнасьці: шчасныя дзеці ягоныя пасьля яго!
8 Цар, які сядзіць на троне правасудзьдзя, разганяе вачыма сваімі ўсё ліхое.
9 Хто можа сказаць: я ачысьціў сэрца сваё, я чысты ад грэху майго?
10 Дваякія шалі, дваякая мера, і тое і другое - агідныя Госпаду.
11 Можна пазнаць нават падлетка па занятках ягоных: ці чыстыя і ці правільныя ўчынкі ягоныя?
12 Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць - і тое і другое стварыў Гасподзь.
13 Ня любі спаць, каб табе не зьбяднець; расплюшчы вочы твае, і будзеш удосыць есьці хлеб.
14 Дрэнна, дрэнна, кажа пакупнік; а як адыдзе - хваліцца.
15 Ёсьць золата і шмат жэмчугу, але найкаштоўнейшы посуд - вусны разумныя.
16 Вазьмі вопратку ягоную, бо ён паручыўся за чужога; за незнаёмага вазьмі зь яго заклад.
17 Салодкі чалавеку хлеб, набыты няпраўдаю; але пасьля - рот ягоны пяском напоўніцца.
18 Намеры набываюць пэўнасьць праз нараду, і пасьля нарады вядзі вайну.
19 Хто абгаворвае, той раскрывае таямніцы, і хто шырока разьзяўляе рот, з тым не вадзіся.
20 Хто ліхасловіць бацьку свайго і сваю маці, таго сьветач патухне сярод глыбокае цемры.
21 Спадчына, сьпешна захопленая напачатку, ня будзе дабраславёная пазьней.
22 Не кажы: я адплачу табе за зло; даверся Госпаду, і Ён ахавае цябе.
23 Агідныя Госпаду - дваякія гіры, і дваякія шалі - не дабро.
24 Ад Госпада кіруюцца крокі чалавека; а чалавеку як зьведаць дарогу сваю?
25 Сетка чалавеку - неадумна даваць зарок, і пасьля зароку - абдумваць.
26 Мудры цар расьцярушыць бязбожных і паверне на іх кола.
27 Сьветач Гасподні - дух чалавека, які вывярае ўсе глыбіні сэрца.
28 Ласка і праўда ахоўваюць цара, і на ласцы ён трымае свой трон.
29 Слава юнакоў - сіла іхняя, а акраса старых - сівізна.
30 Раны ад удараў - лечаць ад зла, і ўдары, якія пранікаюць усярэдзіну чэрава.