Кніга Прарока Ераміі. Chapter 8

1 У той час, кажа Гасподзь, выкінуць косьці цароў Юды, і косьці князёў ягоных, і косьці сьвятароў, і косьці прарокаў, і косьці жыхароў Ерусаліма - з магілаў іхніх;
2 і раскідаюць іх перад сонцам і месяцам і перад усім войскам нябесным, якіх яны любілі і якім служылі і сьледам за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся; ня прыбяруць іх і не пахаваюць: яны будуць гноем на зямлі.
3 І лепей захочуць сьмерці ўсе астатнія, якія застануцца ад гэтага ліхога племені ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх, кажа Гасподзь Саваоф.
4 І скажы ім: так кажа Гасподзь: хіба, упаўшы, не ўстаюць і, зьбіўшыся з дарогі, не вяртаюцца?
5 Навошта гэты народ, Ерусаліме, стаіць ва ўпартым адступніцтве? яны моцна трымаюцца падману і ня хочуць навярнуцца.
6 Я назіраў і слухаў: не гавораць яны праўды, ніхто ня каецца ў сваім бязбожніцтве, ніхто ня кажа: што я зрабіў? кожны паварочвае на сваю дарогу, як конь, што кідаецца ў бітву.
7 І бусел пад небам ведае свае пэўныя поры, і галубка, і ластаўка, і журавель, сочаць за часам, калі ім прыляцець; а народ Мой ня ведае вызначэньня Гасподняга.
8 Як вы кажаце: мы мудрыя, і закон Гасподні ў нас? А вось, ілжывая трысьціна кніжнікаў і яго ператварае ў хлусьню.
9 Пасарамаціліся мудрацы, сумеліся і заблыталіся ў сетку: вось, яны адхілілі слова Гасподняе; у чым жа мудрасьць іхняя?
10 За тое жонак іхніх аддам другім, палі іхнія - іншым уладарам; бо ўсе яны, ад малога да вялікага, аддаліся карысталюбству; ад прарока да сьвятара - усе дзеюць ілжыва.
11 І гояць рану дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: мір, мір!, а міру няма.
12 Ці саромеюцца яны, робячы мярзоты? Не, яны зусім не саромеюцца і не чырванеюць. За тое загінуць яны сярод пагіблых; у час наведваньня іх будуць пабітыя, кажа Гасподзь.
13 Да канца абяру іх, кажа Гасподзь, не застанецца ніводнай вінаградзіны на лазе, ні смоквы на смакоўніцы, і ліст ападзе, і што Я даў ім, адыдзе ад іх.
14 Чаго мы сядзім? зьбірайцеся, пойдзем ва ўмацаваныя гарады, і там загінем: бо Гасподзь Бог наш назначыў нас на пагібель і дае нам піць ваду з жоўцю за тое, што мы грашылі перад Госпадам.
15 Чакаем міру, а нічога добрага няма, - часу ацаленьня, і вось жахі.
16 Ад Дана чуваць храп коней ягоных, ад моцнага іржаньня жарабцоў ягоных дрыжыць уся зямля; і прыйдуць і зьнішчаць зямлю і ўсё, што на ёй, горад і ўсіх, хто жыве ў ім.
17 Бо вось, Я пашлю на вас зьмеяў, васіліскаў, супроць якіх няма замовы, і яны будуць кусаць вас, кажа Гасподзь.
18 Калі суцешуся я ў гароце маёй! сэрца маё спакутавалася ўва мне.
19 Вось, чую енк дачкі народа Майго з далёкай краіны: хіба няма Госпада на Сіёне? хіба няма Цара яго на ім? - Навошта яны спадзьвіглі Мяне на гнеў сваімі ідаламі, чужаземнымі, нікчэмнымі?
20 Прайшло жніво, скончылася лета, а мы ня выратаваны.
21 Па смутку дачкі народа Майго я смуткую, хаджу змрочны, жудасьць агарнула мяне.
22 Хіба няма бальзаму ў Галаадзе? хіба няма там лекара? Чаму ж няма ацаленьня дачцэ народа майго?