Кніга Прарока Ераміі. Chapter 36

1 У чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, было такое слова Ерамію ад Госпада:
2 вазьмі сабе кніжны скрутак і напішы на ім усе словы, якія Я казаў табе пра Ізраіля і пра Юду і пра ўсе народы з таго дня, як Я пачаў гаварыць табе, ад дзён Ёсіі - да гэтага дня;
3 можа быць, дом Юдаў пачуе пра ўсе бедствы, якія Я думаю зрабіць ім, каб яны адвярнуліся кожны ад благога шляху свайго, каб Я дараваў няпраўду іхнюю і грэх іхні.
4 І паклікаў Ерамія Варуха, сына Нірыі, і напісаў Варух у кніжны скрутак з вуснаў Ераміі ўсе словы Госпада, якія Ён казаў яму.
5 І загадаў Ерамія Варуху і сказаў: я ўвязьнены і не магу ісьці ў дом Гасподні;
6 дык вось, ідзі ты і прачытай напісаныя табою ў скрутку з вуснаў маіх словы Гасподнія ў вушы народа ў доме Гасподнім у дзень посту, таксама і ў вушы ўсім Юдэям, якія прыйшлі з гарадоў сваіх, прачытай іх;
7 магчыма, яны ўзьнясуць пакорліва маленьне перад аблічча Госпада і адвернуцца кожны ад благога шляху свайго; бо вялікі гнеў і абурэньне, якое абвясьціў Гасподзь на народ гэты.
8 Варух, сын Нірыін зрабіў усё, што загадаў яму прарок Ерамія, каб словы Гасподнія, напісаныя ў скрутку, прачытаць у доме Гасподнім.
9 У пяты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, у дзявятым месяцы абвясьцілі пост перад абліччам Госпада ўсяму народу ў Ерусаліме і ўсяму люду, які прыйшоў у Ерусалім з гарадоў Юдэйскіх.
10 І прачытаў Варух напісаныя ў скрутку словы Ераміі ў доме Гасподнім, у пакоі Гемарыі, сына Сафанавага, пісца, на верхнім двары, каля ўваходу ў новую браму дома Гасподняга, у вушы ўсяму народу.
11 Міхей, сын Гемарыі, сына Сафанавага, чуў усе словы Гасподнія, напісаныя ў скрутку,
12 і сышоў у дом цара, у пакой царскага пісца, і вось, там сядзелі ўсе князі: Элісам, царскі пісец, і Дэлая, сын Сэмая, і Элнатан, сын Ахбоа, і Гемарыя, сын Сафана, і Сэдэкія, сын Ананія, і ўсе князі;
13 і пераказаў ім Міхей усе словы, якія ён чуў, калі Варух чытаў скрутак у вушы народу.
14 Тады ўсе князі паслалі да Варуха Егудыю, сына Натаніі, сына Сэлэміі, сына Хусіі, сказаць яму: скрутак, які ты чытаў у вушы народу, вазьмі ў руку тваю і прыйдзі. І ўзяў Варух, сын Нірыін, скрутак у руку сваю і прыйшоў да іх.
15 Яны сказалі яму: сядзь, і прачытай нам у вушы. І прачытаў Варух у вушы ім.
16 Калі яны выслухалі ўсе словы, дык з жахам паглядзелі адзін на аднаго, і сказалі Варуху: мы мусова перакажам усе гэтыя словы цару.
17 І спыталіся ў Варуха: скажы ж нам, як ты напісаў усе словы гэтыя з вуснаў ягоных?
18 І сказаў ім Варух: ён вымаўляў мне вуснамі сваімі ўсе гэтыя словы, а я чарнілам пісаў іх у гэты скрутак.
19 Тады сказалі князі Варуху: ідзі, схавайся, ты і Ерамія, каб ніхто ня ведаў, дзе вы.
20 І пайшлі яны да цара ў палац, а скрутак пакінулі ў пакоі Элісама, царскага пісца, і пераказалі ў вушы цару ўсе словы гэтыя.
21 Цар паслаў Егудыю прынесьці скрутак, і ён узяў яго з пакоя Элісама, царскага пісца; і чытаў яго Егудый у вушы цару і ў вушы ўсім князям, якія стаялі каля цара.
22 Цар у той час, у дзявятым месяцы, сядзеў у зімовым доме, і перад ім гарэла жароўня.
23 Калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, цар адразаў іх пісцовым ножыкам і кідаў на агонь у жароўні, пакуль ня зьнішчаны быў увесь скрутак на агні, які быў у жароўні.
24 І не пабаяліся і не разадралі вопраткі сваёй ні цар, ні ўсе слугі ягоныя, якія чулі ўсе словы гэтыя.
25 Хоць Элнатан і Дэлая і Гемарыя ўпрошвалі цара не паліць скрутка, але ён не паслухаўся іх.
26 І загадаў цар Ерамэілу, сыну цароваму, і Сэраію, сыну Азрыілаваму, і Сэлэмію, сыну Аўдыілаваму, узяць Варуха пісца і Ерамію прарока. Але Гасподзь схаваў іх.
27 І было слова Гасподняе Ерамію, пасьля таго як цар спаліў скрутак і словы, якія Варух напісаў з вуснаў Ераміі, і сказаў яму:
28 вазьмі сабе зноў другі скрутак і напішы ў ім усе ранейшыя словы, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі;
29 а цару Юдэйскаму Ёакіму скажы: так кажа Гасподзь: ты спаліў скрутак гэты, сказаўшы: навошта ты напісаў у ім: мусова прыйдзе цар Вавілонскі і спустошыць зямлю гэтую, і вынішчыць на ёй людзей і быдла, -
30 за гэта, так кажа Гасподзь пра Ёакіма, цара Юдэйскага: ня будзе ад яго таго, хто сядзецьме на троне Давідавым, і труп яго будзе выкінуты на сьпёку дзённую і на холад начны;
31 і наведаю яго і племя яго і слуг ягоных за няпраўду іхнюю, і навяду на іх і на жыхароў Ерусаліма і на мужчын Юдавых усё ліха, якое Я прамовіў на іх, а яны ня слухалі.
32 І ўзяў Ерамія другі скрутак і аддаў яго Варуху пісцу, сыну Нірыі, і ён напісаў у ім з вуснаў Ераміі ўсе словы з таго скрутка, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі, на агні; і яшчэ дададзена да іх шмат падобных да тых словаў.