Кніга Прарока Ісаі. Chapter 47

1 Сыдзі і сядзь у пыл, дзяўчына, дачка Вавілона; сядзі на зямлі: трона няма, дачка Халдэяў, і больш не называцьмуць цябе пяшчотнаю і раскошнаю.
2 Вазьмі жорны і мялі муку; здымі покрыва тваё, падбяры прыпол, адкрый галені, пераходзь цераз рэкі:
3 адкрыецца галізна твая, і нават відаць будзе сорам твой. Зьдзейсьню помсту і не пашкадую нікога.
4 Адкупнік наш - Гасподзь Саваоф імя Яму, Сьвяты Ізраілеў.
5 Сядзі моўчкі і сыдзі ў цемру, дачка Халдэя: бо болей ня будуць называць цябе гаспадыняю царстваў.
6 Я ўгневаўся на народ Мой, зьнішчыў спадчыну Маю і аддаў іх у рукі твае; а ты не ўмілажалілася зь іх, - на старца ўскладала занадта цяжкае ярмо тваё.
7 І ты казала: вечна буду гаспадыняю, а не ўяўляла таго ў розуме тваім, ня думала, што будзе пасьля.
8 Але сёньня выслухай мяне, сьпешчаная, што жывеш бястурботна, што гаворыш у сэрцы сваім: я, - і другое падобнае да мяне няма: ня буду сядзець удавіцаю і не зазнаю страты дзяцей.
9 Але зьнянацку, у адзін дзень, прыйдзе да цябе тое і другое - страта дзяцей і ўдоўства; поўнаю мераю сыдуць яны на цябе, нягледзячы на мноства чарадзействаў тваіх і на вялікую сілу варажбіцтва твайго.
10 Бо ты спадзявалася на зладзейства тваё, казала: ніхто ня бачыць мяне. Мудрасьць твая і веды твае - яны зьбілі цябе з дарогі, і ты казала ў сэрцы тваім: я, і ніхто апрача мяне.
11 І прыйдзе на цябе нягода: ты не даведаешся, адкуль яна падымецца, і наваліцца на цябе бяда, якое ты ня мецьмеш сілы ўхіліць, і раптоўна прыйдзе на цябе загуба, пра якую ты ня думаеш.
12 Заставайся ж з тваімі варажбіцтвамі і з мноствам чарадзействаў тваіх, якімі ты займалася з маладосьці тваёй: можа стацца - пасобіш сабе, можа стацца - выстаіш.
13 Ты стомленая мноствам парадаў тваіх: хай жа выступяць назіральнікі нябёсаў і зьвездары і прадказальнікі па маладзіках, і ўратуюць цябе ад таго, што мае прыпасьці табе.
14 Вось яны, як салома: агонь спаліў іх, - ня збавілі душы сваёй ад полымя; не засталося вугалю, каб пагрэцца, ні агню, каб пасядзець каля яго.
15 Такімі зрабіліся табе тыя, з кім ты працавала, з кім вяла гандаль з маладосьці тваёй. Кожны пайшоў у свой бок; ніхто не ратуе цябе.