Кніга Асіі. Chapter 10

1 Ізраіль - галінасты вінаград, памнажае сабе плод; чым болей у яго пладоў, тым болей памнажае ахвярнікі; чым лепшая зямля ў яго, тым болей упрыгожваюць яны куміраў.
2 Падзялілася сэрца іхняе, за гэта яны і будуць пакараныя: Ён разбурыць ахвярнікі іхнія, скрышыць куміраў іхніх.
3 Цяпер яны кажуць: няма ў нас цара, бо мы не збаяліся - Госпада! а цар - што нам зробіць?
4 Кажуць словы пустыя, божацца ілжыва, заключаюць пагадненьні; за гэта явіцца суд над імі, як атрутная трава на барознах поля.
5 За цяля Бэт-Авэна затрымцяць жыхары Самарыі; заплача па ім народ, і жрацы яго, што радаваліся за яго, будуць плакаць па славе ягонай, бо яна адыдзе ад яго.
6 А сам ён аднесены будзе ў Асірыю - у дарунак цару Ярэву; пасаромлены будзе Яфрэм, і пасароміцца Ізраіль ад намыслу свайго.
7 Зьнікне ў Самарыі цар яе - як шум на паверхні вады.
8 І вынішчаны будуць вышыні Авэна - за грэх Ізраіля; церне і ваўчкі вырастуць на ахвярніках іхніх, і скажуць яны горам: пакрыйце нас, і пагоркам: упадзеце на нас!
9 Больш, чым у дні Гівы, грашыў ты, Ізраіле; там яны ўстоялі; вайна ў Гаваоне супроць сыноў бязбожнасьці не спасьцігла іх.
10 Паводле жаданьня Майго пакараю іх, - і зьбяруцца супроць іх народы, і яны будуць зьвязаныя за двайное злачынства іхняе.
11 Яфрэм - навучанае цяля, прывычнае да малацьбы, і Я сам, пакладу ярмо на тлустую шыю яго; на Яфрэме будуць вярхом езьдзіць, Юда будзе араць, Якаў будзе баранаваць.
12 Сейце ў сабе праўду - і пажняце міласьць; разворвайце ў сябе навіну, бо час - знайсьці Госпада, каб Ён, калі прыйдзе, дажджом выліў на вас праўду.
13 Вы ўраблялі беззаконьні, ясьце плод ілжы, бо ты спадзяваўся на шлях твой, на мноства ваяроў тваіх.
14 І адбудзецца розрух у народзе тваім, і ўсе цьвярдыні твае будуць разбураныя, як Салман разбурыў Бэт-Арбэл у дзень бітвы: маці была забітая зь дзецьмі.
15 Вось, што ўчыніў вам Вэтыль за край бязбожнасьці вашай.