Кніга Захарыі. Chapter 11

1 Адчыняй, Ліване, брамы твае, і хай зжарэ агонь кедры твае.
2 Галасі, кіпарысе; бо ўпаў кедр, бо і велічныя спустошаны; галасеце, дубы Васанскія, бо паваліўся непраходны лес.
3 Чуцен голас галашэньня пастухоў, бо спустошана прывольле іхняе; чуцен рык медных ільвоў, бо спустошана краса Ярдана.
4 Так кажа Гасподзь Бог мой: пасьві авечак, асуджаных на закол,
5 якіх пакупцы забіваюць беспакарана, а прадаўцы кажуць: дабраславёны Гасподзь; я разбагацеў! і пастухі іхнія не шкадуюць пра іх.
6 Бо Я ня буду болей літаваць жыхароў зямлі гэтай, кажа Гасподзь; і вось, Я прадам людзей, кожнага ў рукі блізкага яго і ў рукі цара яго, і яны біцьмуць зямлю, і Я ня выбаўлю з рук іхніх.
7 І буду пасьвіць авечкі, асуджаныя на закол, авечкі ў ісьціне нябогія. І вазьму Сабе два жазлы, і назаву адзін - добрым упадабаньнем, другі - кайданамі, і зь імі буду пасьвіць авечкі.
8 І зьнішчу трох з пастыраў у адзін месяц; і адвернецца душа Мая ад іх, калі й іхняя душа адварочваецца ад Мяне.
9 Тады скажу: ня буду пасьвіць вас; якая памірае - хай памірае, і якая гіне - хай гіне, а якія застаюцца, хай ядуць плоць адна адной.
10 І вазьму жазло Маё добрага ўпадабаньня і зламаю яго, каб зьнішчыць запавет, які заключыў Я з усімі народамі.
11 І ён зьнішчаны будзе ў той дзень, і тады даведаюцца бедныя з авечак, якія чакаюць Мяне, што гэта - слова Госпада.
12 І скажу ім: калі заўгодна вам, дык дайце Мне плату Маю; калі ж не, - не давайце; і яны наважаць як плату Мне трыццаць срэбранікаў.
13 І сказаў мне Гасподзь: кінь іх у царкоўнае сховішча, - высокая цана, у Якую яны ацанілі Мяне! І ўзяў Я трыццаць срэбранікаў і кінуў іх у дом Гасподні ганчару.
14 І пераламаў Я другое жазло Маё - кайданы, каб разарваць братнасьць паміж Юдам і Ізраілем.
15 І Гасподзь сказаў мне: яшчэ вазьмі сабе спаруду аднаго з дурных пастухоў.
16 Бо вось, Я пастаўлю на гэтай зямлі пастуха, які не парупіўся пра тых, што гінулі, тых, што згубіліся, ня будзе шукаць і хворых ня будзе лекаваць, здаровых ня будзе карміць, а мяса тлустых будзе есьці і капыты іхнія адарве.
17 Гора нездаляшчаму пастуху, які пакідае статак! меч на руку яго і на правае вока яго! рука яго зусім высахне, і правае вока яго зусім зацьміцца.