Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце. Chapter 18

1 У той час прыступілі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?
2 І паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго сярод іх
3 і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;
4 дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябесным;
5 і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;
6 а хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынскі на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
7 Гора сьвету ад спакусаў, бо павінны прыйсьці спакусы; але гора таму чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.
8 Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі альбо без нагі, чым зь дзьвюма рукамі і дзьвюма нагамі быць укінутым у вагонь вечны;
9 і калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыцьцё ўвайсьці, чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.
10 Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што анёлы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.
11 Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае.
12 Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцёх ў горах і ці ня пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?
13 і калі дасца знайсьці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.
14 Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.
15 А калі згрэшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;
16 калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сьведкаў пацьвердзілася кожнае слова;
17 калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.
18 Праўду кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.
19 Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах;
20 бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.
21 Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, які грэшыць супроць мяне? ці да сямі разоў?
22 Кажа яму Ісус: не кажу табе: да сямі, а да сямі разоў па семьдзесят.
23 Таму Царства Нябеснае падобнае на цара, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.
24 Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінен яму дзесяць тысяч талянтаў;
25 а як ён ня меў, чым заплаціць, дык уладар ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.
26 Тады раб той упаў і, кланяючыся яму, казаў: уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу.
27 Уладар, зьлітаваўшыся з раба таго, адпусьціў яго і доўг дараваў яму.
28 А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з субратоў сваіх, які вінен яму быў сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне, што вінен.
29 Тады субрат ягоны ўпаў да ног яму, умольваў яго і казаў: пацярпі на мне, і ўсё аддам табе.
30 Але той не схацеў, а пайшоў і ўвязьніў яго ў цямніцу, пакуль не аддасьць доўгу.
31 Субраты ягоныя, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі, і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было.
32 Тады ўладар ягоны заклікае яго і кажа: ліхі раб, увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне;
33 ці ня варта было і табе памілаваць субрата твайго, як і я цябе памілаваў?.
34 І, угневаўшыся, уладар ягоны аддаў яго кбтам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу свайго.
35 Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.