Адкрыцьцё (Апакаліпсіс) Сьвятога Апостала Яна Багаслова. Chapter 11

1 І дадзена мне трысьціна, падобная да жазла, і сказана: устань, абмерай храм Божы і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ім;
2 а зьнешні двор храма выключы і не абмярай яго, бо ён дадзены язычнікам: яны будуць таптаць сьвяты горад сорак два месяцы.
3 І дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён, апранутыя ў вярэту.
4 Гэта - дзьве масьліны і два сьветачы, што стаяць прад Богам зямлі.
5 І калі хто захоча іх скрыўдзіць, дык вагонь выйдзе з вуснаў іхніх і зжарэ ворагаў іхніх; калі хто захоча іх скрыўдзіць, той мусіць быць забіты.
6 Яны маюць уладу зачыніць неба, каб ня падаў дождж на зямлю ў дні прарочаньня іхняга, і маюць уладу над водамі - ператварыць іх у кроў і пабіваць зямлю рознымі пошасьцямі, калі толькі захочуць.
7 І калі закончаць яны сьведчаньне сваё, зьвер, які выходзіць зь бездані, павядзе бітву зь імі, і пераможа іх, і заб'е іх,
8 і трупы іхнія пакіне на вуліцы вялікага горада, які духоўна называецца Садома і Егіпет, дзе і Гасподзь наш укрыжаваны.
9 І многія з народаў і каленаў, і родаў і плямёнаў будуць глядзець на трупы іхнія тры дні з палавінаю і не дазволяць пакласьці трупы іхнія ў магілы.
10 І насельнікі зямныя будуць радавацца з гэтага і весяліцца, і пашлюць дарункі адно аднаму, бо два прарокі гэтыя мучылі насельнікаў зямлі.
11 Але праз тры дні з палавінаю ўвайшоў у іх дух жыцьця ад Бога, і яны абодва ўсталі на ногі свае; і вялікі страх агарнуў тых, што глядзелі на іх.
12 І пачулі яны зь неба гучны голас, які казаў ім: узыдзеце сюды. І яны ўзышлі на неба на хмары, і глядзелі на іх ворагі іхнія.
13 І ў тую самую хвіліну стаўся вялікі землятрус, і дзясятая частка горада зруйнавалася, і загінула пры землятрусе сем тысяч імёнаў чалавечых; а астатнія былі апанаваныя жудасьцю і ўзьнесьлі славу Богу Нябеснаму.
14 Другое гора прайшло; вось, ідзе неўзабаве трэйцяе гора.
15 І сёмы анёл затрубіў, і залуналі на небе гучныя галасы, якія казалі: царства сьвету зрабілася Царствам Госпада нашага і будзе валадарыць ва векі вечныя.
16 І дваццаць чатыры старцы, што сядзелі перад Госпадам на тронах сваіх, упалі ніцма і пакланіліся Богу,
17 кажучы: дзякуем Табе, Госпадзе Божа Ўсеўладны, Які ёсьць і быў і прыйдзеш, што Ты прыняў сілу Тваю вялікую і заваладарыў.
18 І раз'юшыліся язычнікі; і прыйшоў гнеў твой і час судзіць мёртвых і даць адплату рабам Тваім, прарокам і сьвятым і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і пагубіць тых, што губілі зямлю.
19 І расчыніўся храм Божы на небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў храме Ягоным; і ўчыніліся маланкі і галасы, і грымоты і землятрусы і вялікі град.