Быцьцё. Chapter 14

1 І было ў дні Армафэла, цара Сэнаарскага, Арыёха, цара Эласарскага, Кедарлаамэра, цара Эламскага, і Тыдала, цара Гаімскага,
2 і пайшлі яны вайною супроць Бэры, цара Садомскага, супроць Біршы, цара Гаморскага, Шынава, цара Адмы, Шэмэвэра, цара Сэваімскага, і супраць цара Бэлы, якая ёсьць Сігор.
3 Усе гэтыя злучаліся ў даліне Сідым, дзе сёньня мора Салёнае.
4 Дванаццаць гадоў былі яны паняволеныя ў Кедарлаамэра, а на трынаццатым годзе ўзбурыліся.
5 На чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарлаамэр і цары, якія зь ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, Зузімаў у Гаме, Эмімаў у Шаве-Кірыятаіме,
6 і Харэяў у гары іхняй Сэіры, да Эл-Фарана, што каля пустыні.
7 І вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да крыніцы Мішпат, якая ёсьць Кадэс, і пабілі ўсю краіну Амалікіцянаў, а таксама Амарэяў, якія жылі ў Хацацон-Тамары.
8 І выйшлі цар Садомскі, цар Гаморскі, цар Адмы, цар Сэваімскі і цар Бэлы, якая ёсьць Сігор; і ўступілі ў бітву зь імі ў даліне Сідым,
9 з Кедарлаамэрам, царом Эламскім, Тыдалам, царом Гаімскім, Амрафэлам, царом Сэнаарскім, Арыёхам, царом Эласарскім: чатыры цары супроць пяці.
10 А ў даліне Сідым было многа смаляных ямаў. І цары Садомскі і Гаморскі, якія кінуліся ўцякаць, упалі ў іх; а астатнія ўцяклі ў горы.
11 Пераможцы пабралі ўсю маёмасьць Садомы і Гаморы і ўвесь запас іхні і пайшлі.
12 І ўзялі Лота, пляменьніка Абрамавага, які жыў у Садоме, і маёмасьць ягоную, і пайшлі.
13 І прыйшоў адзін з ацалелых і паведаміў Абраму Габрэю, які жыў тады каля дубровы Мамрэ, Амарэяніну, брату Эшколу і брату Анэру, якія былі спрымірэнцы Абрамавыя.
14 Абрам, пачуўшы, што родзіч ягоны ўзяты ў палон, узброіў рабоў сваіх, народжаных у доме ягоным, трыста васямнаццаць, і гнаў супастатаў да Дана;
15 і падзяліўшыся, напаў на іх уначы, сам і рабы ягоныя і пабіў іх, і гнаў іх да Ховы, што па левы бок ад Дамаска;
16 і вярнуў усю маёмасьць і Лота, родзіча свайго, і маёмасьць ягоную вярнуў, а таксама і жанчын і народ.
17 Калі ён вяртаўся пасьля паразы Кедарлаамэра і цароў, якія былі зь ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач у даліну Шавэ, што сёньня даліна царская;
18 і Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, - ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга, -
19 і дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі;
20 і дабраславёны Бог Усявышні, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае. Абрам даў яму дзясятую частку з усяго.
21 І сказаў цар Садомскі Абраму: аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе.
22 Але Абрам сказаў цару Садомскаму: падымаю руку маю да Госпада Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі,
23 што нават ніткі і рэменя ад абутку не вазьму з усяго твайго, каб ты не сказаў: я ўзбагаціў Абрама;
24 апрача таго, што зьелі падлеткі, і апрача долі, якая належыць людзям, што хадзілі са мною; Анэр, Эшкол і Мамрый хай возьмуць сваю долю.