Быцьцё. Chapter 31

1 І пачуў Якаў словы сыноў Лаванавых, якія казалі: Якаў завалодаў усім, што было ў бацькі нашага, і з маёмасьці бацькі нашага склаў усё багацьце гэта.
2 І ўбачыў Якаў Лаванаў твар, і вось, ён не такі да яго, як быў учора і заўчора.
3 І сказаў Гасподзь Якаву: вярніся ў зямлю бацькоў тваіх і на радзіму тваю: і Я буду з табою.
4 І паслаў Якаў, і паклікаў Рахіль і Лію ў поле, да статку дробнага быдла свайго,
5 і сказаў ім: я бачыў твар бацькі вашага, што ён да мяне не такі, як быў учора і заўчора; але Бог бацькі майго быў са мною;
6 вы самі ведаеце, што я з усяе сілы служыў бацьку вашаму,
7 а бацька ваш ашукваў мяне і разоў дзесяць перамяняў узнагароду маю; але Бог не дапусьціў яго зрабіць мне ліха.
8 Калі сказаў ён, што быдла з плямкамі будзе табе ўзнагародаю, дык быдла ўсё радзіла з плямкамі. А калі ён сказаў: пярэстыя будуць табе ўзнагародаю, дык усё быдла і радзіла пярэстых.
9 І адабраў Бог быдла ў бацькі вашага і даў мне.
10 Аднаго разу ў такую пару, калі быдла зачынае, я паглядзеў і ўбачыў у сьне, і вось казлы, якія падняліся на быдла, пярэстыя з плямкамі і стракацінамі.
11 Анёл Божы сказаў мне ў сьне: Якаве! Я сказаў: вось я.
12 Ён сказаў: падымі вочы твае і паглядзі: усе казлы, што падняліся на быдла, пярэстыя, з плямкамі і стракацінамі; бо Я бачу ўсё, што Лаван робіць з табою;
13 Я Бог у Вэтылі, дзе ты паліў алеем помнік і даў Мне зарок; цяпер устань, выйдзі зь зямлі гэтай і вярніся да зямлі радзіны тваёй.
14 Рахіль і Лія сказалі яму ў адказ: ці ёсьць нам яшчэ доля і спадчына ў доме бацькі нашага?
15 ці ня чужымі ён лічыць нас? бо ён прадаў нас і зьеў нават срэбра наша;
16 таму ўсё багацьце, якое Бог адабраў у бацькі нашага, ёсьць нашае і дзяцей нашых; дык вось, рабі ўсё, што Бог сказаў табе.
17 І ўстаў Якаў, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,
18 і ўзяў з сабою ўсё быдла сваё, якое набыў, быдла ўласнае ягонае, якое ён набыў у Месапатаміі, каб ісьці да Ісаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаанскую.
19 І як Лаван пайшоў стрыгчы быдла сваё, дык Рахіль забрала ідалаў, якія былі ў бацькі яе.
20 А Якаў забраў сэрца ў Лавана Арамэйца, бо не паведаміў яму, што адыходзіць.
21 І пайшоў з усім, што ў яго было; і ўстаўшы перайшоў раку і скіраваўся да гары Галаад.
22 На трэці дзень сказалі Лавану, што Якаў сышоў.
23 Тады ён узяў з сабою родзічаў сваіх, і гнаўся за ім сем дзён, і дагнаў яго на гары Галаад.
24 І прыйшоў Бог да Лавана Арамэйца ўначы ў сьне і сказаў яму: сьцеражыся, не кажы Якаву ні добрага, ні благога.
25 І дагнаў Лаван Якава; а Якаў паставіў намёт свой на гары, і Лаван з родзічамі сваімі паставіў на гары Галаад.
26 І сказаў Лаван Якаву: што ты зрабіў? навошта ты ашукаў мяне і зьвёў дачок маіх, як палоненых зброяй?
27 навошта ты ўцёк таемна, і схаваўся ад мяне, і не сказаў мне? Я адпусьціў бы цябе з радасьцю і зь песьнямі, з бубнам і з гусьлямі;
28 ты не дазволіў мне нават пацалаваць унукаў маіх і дачок маіх; неразумна ты зрабіў.
29 Ёсьць у руцэ маёй сіла зрабіць вам ліхое; але Бог бацькі вашага ўчора гаварыў са мною і сказаў: сьцеражыся, не кажы Якаву ні добрага, ні благога.
30 Але хай бы ты пайшоў, бо табе не цярпелася быць у доме ў бацькі твайго, - навошта ты ўкраў багоў маіх?
31 Якаў адказаў Лавану і сказаў: я баяўся, бо я думаў, каб жа не адабраў ты ў мяне дачок тваіх.
32 У каго знойдзеш багоў тваіх, той ня будзе жывы: пры родзічах нашых даведвайся, што ў мяне і вазьмі сабе. Якаў ня ведаў, што Рахіль украла іх.
33 І хадзіў Лаван у намёт Якаваў і ў намёт Ліін і ў намёт дзьвюх рабыняў, але не знайшоў. І выйшаў з намёта Ліі, і ўвайшоў у намёт Рахілін.
34 А Рахіль узяла ідалаў і паклала іх пад вярблюджае сядло, і села на іх. І абшукаў Лаван увесь намёт, і не знайшоў.
35 А яна сказала бацьку свайму: хай не загневаецца гаспадар мой, што я не магу ўстаць перад табою; бо ў мяне звычайнае жаночае. І Лаван шукаў, але не знайшоў ідалаў.
36 Якаў раззлаваўся і ўступіў у спрэчку з Лаванам. І загаварыў Якаў і сказаў Лавану: якая віна мая, які грэх мой, што ты дагнаў мяне?
37 ты агледзеў у мяне ўсе рэчы, што знайшоў ты з усіх рэчаў твайго дома? пакажы тут перад родзічамі маімі і перад родзічамі тваімі; няхай яны рассудзяць нас абодвух.
38 Вось, дваццаць гадоў я быў у цябе; авечкі твае і козы твае ня выкідвалі; бараноў са статку твайго я ня еў;
39 разадранага зьверам Я ня прыносіў табе, гэта была мая страта; ты зь мяне спаганяў ці калі ўдзень што-колечы прападала, а ці ўначы прападала;
40 я зьнемагаў удзень ад сьпёкі, а ўначы ад сьцюжы, і сон мой бег ад вачэй маіх.
41 Такія мае дваццаць гадоў у доме тваім. Я служыў табе чатырнаццаць гадоў за дзьвюх дачок тваіх і шэсьць гадоў за быдла тваё; а ты дзесяць разоў мяняў узнагароду маю.
42 Калі б ня быў са мною Бог бацькі майго, Бог Абрагама і страх Ісаака, - ты б цяпер адпусьціў мяне ні з чым. Бог убачыў гароту маю і працу рук маіх і заступіўся за мяне ўчора.
43 І адказваў Лаван і сказаў Якаву: дочкі - мае дочкі; дзеці - мае дзеці; быдла - маё быдла, і ўсё, што ты бачыш, гэта маё; ці магу я цяпер што зрабіць з дочкамі маімі і зь дзецьмі іхнімі, якія народжаны імі?
44 цяпер пастановім спрымірэньне я і ты, і гэта будзе сьведчаньнем паміж мною і табою.
45 І ўзяў Якаў камень і паставіў яго помнікам.
46 І сказаў Якаў родзічам сваім: набярэце камянёў. Яны ўзялі камяні і зрабілі курган, і елі там на кургане.
47 І назваў яго Лаван: Егар-Сагадута; а Якаў назваў яго Галаадам.
48 І сказаў Лаван: сёньня гэты курган паміж табою і мною сьведка. Таму і дадзена яму імя: Галаад,
49 а таксама: Міцца, за тое, што Лаван сказаў: няхай наглядае Гасподзь і за мною і за табою, калі мы зьнікнем адзін ад аднаго;
50 калі ты будзеш блага абыходзіцца з дочкамі маімі, альбо возьмеш жонак звыш дачок маіх, дык хоць няма чалавека паміж намі, але глядзі, Бог сьведка паміж мною і табою.
51 І сказаў Лаван Якаву: вось курган гэты і вось помнік, які я паставіў паміж мною і табою;
52 гэты курган сьведка, і гэты помнік сьведка, што ні я не перайду да цябе за гэты курган, ні ты не пяройдзеш да мяне за гэты курган і за гэты помнік, дзеля ліха;
53 Бог Абрагамаў і Бог Нахораў хай судзяць паміж намі, Бог бацькі іхняга. Якаў запрысягнуўся страхам бацькі свайго Ісаака.
54 І закалоў Якаў ахвяру на гары і паклікаў родзічаў сваіх есьці хлеб; і яны елі хлеб і начавалі на гары.
55 І ўстаў Лаван з самага рана і пацалаваў унукаў сваіх і дачок сваіх, і дабраславіў іх. І пайшоў і вярнуўся Лаван у сваё месца.