Псалтыр. Chapter 58

1 Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давідава.
2 Няўжо-такі праўду вы кажаце, судзьдзі, няўжо справядліва судзіце, сыны чалавечыя?
3 Пакідаеце крыўды на сэрцы, кладзяце на вагі злачынствы рук вашых на зямлі.
4 З нараджэньня свайго адступіліся вы, бязбожныя; ад улоньня маці сваёй заблудзіліся, кажучы ману.
5 Яд у іх - нібыта яд зьмяіны, як атрута гадзюкі глухое, што вушы свае затуляе
6 і ня чуе голасу заклінача, самага спраўнага ў заклёнах.
7 Божа! скрышы ім зубы ў іхніх вуснах; разьбі, Госпадзе, сківіцы львам!
8 Няхай зьнікнуць, як вада цякучая; калі напнуць стрэлы, хай яны паламаюцца.
9 Няхай счэзнуць, як сьлімак, які ў сьлізі сваёй распускаецца; няхай сонца ня бачаць, як скідзень у жанчыны.
10 Пакуль гаршкі вашы пачуюць распалены цёрн, - няхай вецер яго разьнясе, ці сьвежае, а ці спаленае!
11 А праведны ўсьцешыцца; помсту пабачыўшы, у крыві бязбожнага ступакі ён абмые!
12 І скажа чалавек: «Сапраўды ёсьць плод справядліваму! Сапраўды ёсьць Бог - судзьдзя на зямлі!»