Псалтыр. Chapter 10

13 бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных.
14 [Хэт] Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, - Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці,
15 каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою.
16 [Тэт] Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае.
17 Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх.
18 [Ёд] Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, - усе народы, што забываюць Бога,
19 [Каф] бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне.
20 Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім.
21 Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны.
22 [Ламэд] Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі?
23 Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі.
24 [Мэм] Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае.
25 [Нун] Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; «не спагоніць»; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога!
26 [Аін] У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва;
27 і кажа ў сэрцы сваім: «не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха».
28 [Пэ] Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба.
29 [Цадэ] Сядзіць у засадзе ў задвор'і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным;
30 у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае,
31 згінаецца, прыпадае, - і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя;
32 кажа ў сэрцы сваім: «забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі».
33 [Каф] Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных.
34 Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты не спагоніш?»
35 [Рэш] Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік.
36 [Шын] Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху.
37 Гасподзь - цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай.
38 [Тав] Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё,
39 каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі.