Другое Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Яна Багаслова. Chapter 4

1 Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,
2 з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,
3 імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.
4 Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;
5 адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,
6 адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.
7 А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.
8 Таму і сказана: падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям.
9 А падняўся што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?
10 Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.
11 І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,
12 на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,
13 пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;
14 каб мы ня былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту.
15 А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста.
16 зь Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові.
17 Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,
18 бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;
19 яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.
20 Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,
21 бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, - бо ісьціна ў Ісусе, -
22 пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,
23 а абнавіцца духам розуму вашага
24 і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.
25 Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.
26 Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым;
27 і не давайце месца д'яблу.
28 Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу.
29 Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам.
30 І не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня.
31 Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены з вас;
32 але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.