Кніга Амоса. Chapter 6

1 Гора бястурботным на Сіёне і спадзявальцам на гару Самарыйскую, знакамітым народу-першынца, да якіх прыходзіў дом Ізраіля!
2 Прайдзеце ў Калне і паглядзеце, адтуль перайдзеце ў Эмат вялікі і спусьцецеся ў Гэт Філістымкі: ці ня лепшыя яны за гэтыя царствы? ці ня шырэйшыя іх абшары за абшары вашыя?
3 Вы, якія дзень бедства лічыце далёкім і набліжаеце перамогу насільля, -
4 вы, якія ляжыце на ложках з слановай касьці і песьціцеся на пасьцелях вашых, ясьце найлепшых бараноў са статку і цялят з кормнае пашы,
5 сьпяваеце пад гукі гусьляў, думаючы, што валодаеце зычным інструментам, як Давід.
6 п'яце з чараў віно, мажацеся найлепшымі масьцямі і ня ўбольваецеся зь бедства Язэпа!
7 За тое сёньня пойдуць яны ў палон на чале палонных, і скончыцца вялікая радасьць сьпешчаных.
8 Божыцца Гасподзь Бог Самім Сабою, і так кажа Гасподзь Бог Саваоф: грэбую пыхлівасьцю Якава і ненавіджу харомы ягоныя, і аддам горад і ўсё, што напаўняе яго.
9 І будзе: калі ў якім доме застанецца дзесяць чалавек, дык памруць і яны,
10 і возьме іх родзіч іхні альбо спальшчык, каб вынесьці косткі іх з дому, і скажа прыдомніку: ці ёсьць у цябе яшчэ хто? Той адкажа: няма нікога. І скажа гэты: маўчы! бо нельга згадваць імя Гасподняга.
11 Бо вось, Гасподзь дасьць загад і ўразіць вялікія дамы расколінамі, а малыя дамы - шчылінамі.
12 Ці бегаюць коні па скале? ці можна араць яе валамі? Вы тым часам суд ператвараеце ў атруту і плод праўды - у горыч,
13 вы, якія захапляецеся нікчэмнымі рэчамі і кажаце: ці не сваёю сілаю мы набылі сабе магутнасьць?
14 Вось Я, кажа Гасподзь Бог Саваоф, падыму народ супроць вас, дом Ізраілеў, і буду ціснуць вас ад уваходу ў Эмат да патока ў пустыні.