Кніга Прарока Ераміі. Chapter 38

1 І пачулі Сафатыя, сын Матанаў, і Гадолія, сын Пасхораў, і Юхал, сын Сэлэміін, і Пасхор, сын Малхіін, словы, якія Ерамія прамовіў да ўсяго люду, кажучы:
2 так кажа Гасподзь: хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасьці з паморкам; а хто выйдзе да Халдэяў, будзе жывы, і душа яму будзе замест здабычы, і ён застанецца жывы.
3 Так кажа Гасподзь: мусова будзе аддадзены горад гэты ў рукі войска цара Вавілонскага, і ён возьме яго.
4 Тады князі сказалі цару: хай будзе гэты чалавек аддадзены сьмерці, бо ён аслабляе рукі воінам, якія застаюцца ў гэтым горадзе, і рукі ўсяму народу, кажучы ім такія словы; бо гэты чалавек не дабрадзенства зычыць народу гэтаму, а бедства,
5 і сказаў цар Сэдэкія: вось, ён у вашых руках, бо цар нічога ня можа рабіць насуперак вам.
6 Тады ўзялі Ерамію і ўкінулі яго ў яму Малхіі, сына царовага, якая была ў двары варты, і апусьцілі Ерамію на вяроўках; у яме той ня было вады, а толькі гразь, і апусьцілі Ерамію ў гразь.
7 І пачуў Аўдэмэлэх Эфіоп, адзін зь еўнухаў, што былі ў царскім доме, што Ерамію пасадзілі ў яму; а цар сядзеў тады каля брамы Веньямінавай.
8 І выйшаў Аўдэмэлэх з дому царскага і сказаў цару:
9 спадару мой цар! блага зрабілі гэтыя людзі, такое ўчыніўшы зь Ераміем прарокам, якога ўкінулі ў яму; ён памрэ там з голаду, бо няма болей хлеба ў горадзе.
10 Цар загадаў Аўдэмэлэху Эфіопу, сказаўшы: вазьмі з сабою адгэтуль трыццаць чалавек і выцягні Ерамію прарока зь ямы, пакуль ён не памёр.
11 Аўдэмэлэх узяў людзей з сабою і ўвайшоў у дом царскі пад кладоўкаю, і ўзяў адтуль старога нягоднага рызьзя і старых нягодных лахманоў і апусьціў іх на вяроўках у яму Ерамію.
12 І сказаў Аўдэмэлэх Эфіоп Ерамію: падкладзі гэтыя старыя кінутыя анучы і лахманы пад пахі рук тваіх, пад вяроўкі. І зрабіў так Ерамія.
13 І пацягнулі Ерамію на вяроўках і выцягнулі яго зь ямы; і заставаўся Ерамія ў двары варты.
14 Тады цар Сэдэкія паслаў і паклікаў Ерамію прарока да сябе, пры трэцім уваходзе ў дом Гасподні, і сказаў цар Ерамію: я ў цябе нешта спытаюся; ня ўтойвай ад мяне нічога.
15 І сказаў Ерамія Сэдэкію: калі я адкрыю табе, ці не аддасі мяне сьмерці? і калі дам табе параду, ты не паслухаешся мяне.
16 І прысягаўся цар Сэдэкія Ерамію таемна, кажучы: жывы Гасподзь, Які стварыў нам душу гэтую, не аддам цябе сьмерці і не аддам у рукі гэтых людзей, якія шукаюць душы тваёй.
17 Тады Ерамія сказаў Сэдэкію: так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: калі ты выйдзеш да князёў цара Вавілонскага, дык жывая будзе душа твая, і гэты горад ня будзе спалены агнём, і ты будзеш жывы, і дом твой;
18 а калі ня выйдзеш да князёў цара Вавілонскага, дык гэты горад будзе выдадзены ў рукі Халдэям, і яны спаляць яго агнём, і ты не ўцячэш ад рук іхніх.
19 І сказаў цар Сэдэкія Ерамію: я баюся Юдэяў, якія перайшлі да Халдэяў, каб Халдэі ня выдалі мяне ў рукі ім, і каб тыя не паглуміліся зь мяне.
20 І сказаў Ерамія: ня выдадуць; паслухай голасу Госпада ў тым, што я кажу табе, і добра табе будзе, і жывая будзе душа твая.
21 А калі ты не захочаш выйсьці, дык вось слова, якое адкрыў мне Гасподзь:
22 вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юдэйскага, заведзены будуць да князёў цара Вавілонскага, і скажуць яны: цябе змусьцілі і адолелі сябры твае; ногі твае загразьлі ў брудзе, і яны адышлі ад цябе, -
23 і ўсіх жонак тваіх і дзяцей тваіх завядуць да Халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іхніх, а будзеш узяты рукою цара Вавілонскага і зробіш тое, што горад гэты будзе спалены агнём.
24 І сказаў Сэдэкія Ерамію: ніхто не павінен ведаць гэтых словаў і тады ты не памрэш;
25 і калі пачуюць князі, што я гутарыў з табою, і прыйдуць да цябе, і скажуць табе: скажы нам, што казаў ты цару, ня ўтойвай ад нас і мы не дамо цябе сьмерці, - а таксама што казаў табе цар,
26 дык скажы ім: я склаў перад абліччам цара прашэньне маё, каб не вяртаць мяне ў дом Ёнатанаў, каб не памерці там.
27 І прыйшлі ўсе князі да Ераміі і пыталіся ў яго, і ён сказаў ім згодна з усімі словамі, якія цар загадаў сказаць, і яны моўчкі пакінулі яго, бо не даведаліся, што было сказана цару.
28 І заставаўся Ерамія ў двары варты да таго дня, у які быў узяты Ерусалім. І Ерусалім быў узяты.