Кніга Прарока Ераміі. Chapter 37

1 Замест Еханіі, сына Ёакімавага, цараваў Сэдэкія, сын Ёсіі, якога Навухаданосар, цар Вавілонскі, паставіў царом у зямлі Юдэйскай.
2 Ні ён, ні слугі ягоныя, ні народ краіны ня слухалі словаў Госпада, якія казаў Ён празь Ерамію прарока.
3 Цар Сэдэкія паслаў Егухала, сына Сэлэміі, і Сафонію, сына Маасэевага, сьвятара, да Ераміі прарока сказаць: памаліся за нас Госпаду Богу нашаму.
4 Ерамія тады яшчэ свабодна ўваходзіў і выходзіў сярод народа, бо ня ўвязьнілі яго ў цямніцу.
5 Тым часам войска фараонава выступіла зь Егіпта, і Халдэі, якія аблягалі Ерусалім, пачуўшы вестку пра тое, адступілі ад Ерусаліма.
6 І было слова Гасподняе Ерамію прароку:
7 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: так скажэце цару Юдэйскаму, які паслаў вас да Мяне спытацца ў Мяне: вось, войска фараонавае, якое ішло да вас з дапамогаю, вернецца ў зямлю сваю, у Егіпет;
8 а Халдэі зноў прыйдуць і будуць ваяваць супроць горада гэтага, і возьмуць яго і спаляць яго агнём.
9 Так кажа Гасподзь: не ашуквайце сябе, кажучы: мусова адыдуць ад нас Халдэі, бо яны не адыдуць;
10 калі б вы нават разьбілі ўсё войска Халдэяў, якія ваююць супроць вас, і засталіся б у іх толькі параненыя, дык і тыя ўсталі б, кожны з намёту свайго, і спалілі б горад гэты агнём.
11 У той час, калі войска Халдэйскае адступіла ад Ерусаліма, з прычыны войска фараонавага,
12 Ерамія пайшоў зь Ерусаліма, каб сысьці ў зямлю Веньямінавую, хаваючыся адтуль сярод народа.
13 Але калі ён быў у браме Веньямінавай, начальнік варты, які там быў, на імя Ірэія, сын Сэлэміі, сына Ананіі, затрымаў Ерамію прарока, сказаўшы: ты хочаш перабегчы да Халдэяў?.
14 Ерамія сказаў: гэта - хлусьня; я не хачу перабегчы да Халдэяў. Але ён не паслухаў яго, і ўзяў Ірэія Ерамію і прывёў яго да князёў.
15 Князі раззлаваліся на Ерамію і білі яго, і ўвязьнілі яго ў цямніцу, у дом Ёнатана пісца, бо зрабілі яго цямніцаю.
16 Калі Ерамія ўвайшоў у цямніцу і ў склеп, і прабыў там Ерамія шмат дзён,
17 цар Сэдэкія паслаў і ўзяў яго. І пытаўся ў яго цар у доме сваім таемна і сказаў: ці няма слова ад Госпада?, Ерамія сказаў: ёсьць, і сказаў: ты будзеш аддадзены ў рукі цара Вавілонскага.
18 І сказаў Ерамія цару Сэдэкіі: чым я зграшыў перад табою і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што вы пасадзілі мяне ў цямніцу?
19 і дзе вашыя прарокі, якія прарочылі вам, кажучы: цар Вавілонскі ня пойдзе супроць вас і супроць зямлі гэтай?
20 І сёньня паслухай, спадару мой цар, хай упадзе дараваньне маё перад аблічча тваё; не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісца, каб мне не памерці там.
21 І даў загад цар Сэдэкія, каб увязьнілі Ерамію ў двары варты і давалі яму па кавалку хлеба на дзень з вуліцы пекараў, пакуль ня кончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І так заставаўся Ерамія ў двары варты.