Кніга Прарока Ераміі. Chapter 25

1 І слова, якое было Ераміі пра ўвесь народ Юдэйскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, - гэта быў першы год Навухаданосара, цара Вавілонскага, -
2 і якое прарок Ерамія прамовіў да ўсяго народа Юдэйскага і да ўсіх жыхароў Ерусаліма і сказаў:
3 ад трынаццатага года Ёсіі сына Амонавага, цара Юдэйскага, да гэтага дня, - вось ужо дваццаць тры гады, - было мне слова Гасподняе, і я з самае раніцы прамаўляў вам, - і вы ня слухалі.
4 Гасподзь пасылаў да вас усіх рабоў Сваіх прарокаў, з самае раніцы пасылаў, - і вы ня слухалі і ня прыхілялі вуха свайго, каб слухаць.
5 Вам казалі: адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і ад благіх дзеяў сваіх і жывеце на зямлі, якую Гасподзь даў вам і бацькам вашым адвеку навечна;
6 І не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявеце Мяне дзеямі рук сваіх, і не зраблю вам благога.
7 Але вы ня слухаліся Мяне, кажа Гасподзь, гневячы Мяне дзеямі рук сваіх, на злосьць сабе.
8 Таму так кажа Гасподзь Саваоф: за тое, што вы ня слухалі словаў Маіх,
9 вось Я пашлю і вазьму ўсе плямёны паўночныя, кажа Гасподзь, і пашлю да Навухаданосара, цара Вавілонскага, раба Майго, і прывяду іх на зямлю гэтую і на жыхароў яе і на ўсе навакольныя народы; і цалкам вынішчу іх і зраблю іх жахам і пасьмешышчам і вечным запусьценьнем.
10 І спыню іх голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты, гук жорнаў і сьвятло сьвяцільні.
11 І ўся зямля гэтая будзе пустыняю і жахам; і народы гэтыя будуць служыць цару Вавілонскаму семдзесят гадоў.
12 І будзе: калі споўніцца семдзесят гадоў, пакараю цара Вавілонскага і той народ, кажа Гасподзь, за іх бязбожнасьць, і зямлю Халдэйскую, і зраблю яе вечнаю пустыняю.
13 І спраўджу над тою зямлёю ўсе словы Мае, якія Я прамовіў на яе, усё напісанае ў гэтай кнізе, што Ерамія прароча вымавіў на ўсе народы,
14 бо і іх паняволяць шматлікія народы і цары вялікія; і Я дам ім паводле іх учынкаў, паводле дзеяў рук іхніх.
15 Бо так сказаў мне Гасподзь Бог Ізраілеў: вазьмі з рукі Маёй чару гэтую зь віном лютасьці і напаі зь яе ўсе народы, да якіх Я пасылаю цябе.
16 І яны вып'юць і будуць хістацца і звар'яцеюць, убачыўшы меч, які Я пашлю на іх.
17 І ўзяў я чару з рукі Гасподняй і напаіў зь яе ўсе народы, да якіх паслаў мяне Гасподзь:
18 Ерусалім і гарады Юдэйскія, і цароў яго і князёў яго, каб спустошыць іх і зрабіць жахам, пасьмешышчам і праклёнам, як і відно сёньня,
19 фараона, цара Егіпецкага, і слуг ягоных, і князёў яго і ўвесь народ яго,
20 і ўвесь зьмешаны народ, і ўсіх цароў зямлі Уца і ўсіх цароў зямлі Філістымскай, і Аскалон і Газу, і Экрон, і рэшткі Азота,
21 Эдома і Маава і сыноў Амонавых,
22 і ўсіх цароў Тыра і ўсіх цароў Сідона і цароў астравоў, якія за морам,
23 Дэдана і Тэму, і Буза і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях,
24 і ўсіх цароў Аравіі і ўсіх цароў народаў рознапляменных, што жывуць у пустыні,
25 усіх цароў Зімврыі і ўсіх цароў Элама, і ўсіх цароў Мідыі
26 і ўсіх цароў поўначы, блізкіх адзін аднаму і далёкіх, і ўсе царствы зямныя, якія - на ўлоньні зямлі, а цар Сэсаха вып'е пасьля іх.
27 І скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: пеце і ўпецеся, вырыгніце і ўпадзеце, і не ўставайце, угледзеўшы меч, які Я пашлю на вас.
28 Калі ж яны будуць адмаўляцца браць чарку з рукі тваёй, каб піць, дык скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: вы канечне піцьмеце.
29 Бо вось на горад гэты, на якім напісана Маё імя, я пачынаю наводзіць бедства; і ці вы застанецеся непакараныя? Не, не застанецеся непакараныя; бо Я наклікаю меч на ўсіх жыхароў зямлі, кажа Гасподзь Саваоф.
30 Таму вымаві на іх усе словы гэтыя і скажы ім: Гасподзь загрыміць з вышыні і з жытлішча сьвятыні Сваёй падасьць голас Свой; страшна загрыміць на селішча Сваё; як тыя, што топчуць у чавільні, усклікне на ўсіх жыхароў зямлі.
31 Шум дойдзе да канцоў зямлі; бо ў Госпада спаборства з народамі: Ён будзе судзіцца з кожнаю плоцьцю, бязбожных ён аддасьць мечу, кажа Гасподзь.
32 Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, бедства пойдзе ад народа да народа, і вялікая віхура падымецца ад краёў зямлі.
33 І будуць пабітыя Госпадам у той дзень - ад канца зямлі да канца зямлі, ня будуць аплаканыя і ня будуць прыбраныя і пахаваныя, гноем будуць на ўлоньні зямлі,
34 Галасеце, пастыры, і стагнеце, і пасыпайце сябе пылам, правадыры статку; бо споўніліся дні вашыя для заколу і расьсеяньня вашага, і паб'яцеся, як дарагі посуд.
35 І ня будзе прыстанішча пастырам і ратунку важакам статку.
36 Чуцен енк пастыраў і галашэньне важакоў статку, бо спустошыў Гасподзь пашу іхнюю.
37 Вынішчаюцца мірныя селішчы ад лютасьці гневу Гасподняга.
38 Ён пакінуў жытлішча Сваё, як леў; і зямля іхняя зрабілася пусткаю ад лютасьці спусташальніка і ад палымянага гневу Ягонага.