Кніга Прарока Ераміі. Chapter 29

1 І вось словы зь пісьма, якое прарок Ерамія паслаў зь Ерусаліма да рэшты старэйшынаў паміж перасяленцамі і да сьвятароў, і да прарокаў і да ўсяго народа, якіх Навухаданосар вывеў зь Ерусаліма ў Вавілон,
2 пасьля таго, як выйшлі зь Ерусаліма цар Еханія і царыца і еўнухі, князі Юдэі і Ерусаліма, і цесьляры і кавалі,
3 праз Элеасу, сына Сафанавага, і Герамію, сына Хэлкіінага, якіх Сэдэкія, цар Юдэйскі, пасылаў у Вавілон да Наухаданосара, цара Вавілонскага:
4 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, усім палонным, якіх Я перасяліў зь Ерусаліма ў Вавілон:
5 будуйце дамы і жывеце ў іх, і разводзьце сады і ежце плады зь іх;
6 бярэце жонак і раджайце сыноў і дачок; і сынам сваім бярэце жонак і дачок сваіх аддавайце ў замужства, каб яны нараджалі сыноў і дачок, і множцеся там, а не змаляйцеся;
7 і клапацецеся пра дабрабыт горада, у які Я перасяліў вас, і малецеся за яго Госпаду; бо пры дабрабыце яго і вам будзе мір.
8 Бо так кажа Гасподзьа Саваоф, Бог Ізраілеў: хай ня зводзяць вас прарокі вашыя, якія сярод вас, і варажбіты вашыя; і ня слухайце сноў вашых, якія вам сьняцца;
9 фальшыва прарочаць яны вам імем Маім; Я не пасылаў іх, кажа Гасподзь.
10 Бо так кажа Гасподзь: калі споўніцца вам у Вавілоне семдзесят гадоў, тады Я наведаю вас і спраўджу добрае слова Маё пра вас, каб вярнуць вас на месца гэтае.
11 Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Гасподзь, намеры на дабро, а не на ліха, каб даць вам будучыню і надзею.
12 І ўсклікнеце Мне, і пойдзеце і памоліцеся Мне, і Я пачую вас;
13 і пашукаеце Мяне і знойдзеце, калі пашукаеце Мяне ўсім сэрцам вашым.
14 І буду Я знойдзены вамі, кажа Гасподзь, і вярну вас з палону і зьбяру вас з усіх народаў і з усіх мясьцінаў, куды Я выгнаў вас, кажа Гасподзь, і вярну вас у тое месца, адкуль перасяліў вас.
15 Вы кажаце: Гасподзь паставіў нам прарокаў і ў Вавілоне.
16 Так кажа Гасподзь пра цара, які сядзіць на троне Давідавым, і пра ўвесь народ, які жыве ў горадзе гэтым, пра братоў вашых, якія не адведзены з вамі ў палон,
17 так кажа пра іх Гасподзь Саваоф: вось, Я пашлю на іх меч, голад і паморак з пошасьцю, і зраблю іх такімі, як гнілыя смоквы, якіх нельга есьці за нягоднасьць іх;
18 і буду перасьледаваць іх мечам, голадам і паморкам з пошасьцю, і аддам іх на азлабеньне ўсім царствам зямлі, на праклён і жудасьць, на пасьмешышча і паганьбеньне паміж усімі народамі, куды Я выганю іх,
19 за тое, што яны ня слухалі словаў Маіх, кажа Гасподзь, зь якімі Я пасылаў да іх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, але яны ня слухаліся, кажа Гасподзь.
20 А вы, усе перасяленцы, якіх Я паслаў зь Ерусаліма, ў Вавілон, слухайце слова Гасподняе:
21 так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў, пра Ахава, сына Каліінага, і пра Сэдэкію, сына Маасэінага, якія прарочаць вам імем маім ілжу: вось, Я перадам іх у рукі Навухаданосара, цара Вавілонскага, і ён заб'е іх у вас на вачах.
22 І прынята будзе ад іх усімі перасяленцамі Юдэйскімі, якія ў Вавілоне, праклінаць так: хай зробіць табе Гасподзь тое самае, што Сэдэкію і Ахаву, якіх цар Вавілонскі спражыў на агні
23 за тое, што яны рабілі брыдкае ў Ізраілі: пералюбнічалі з жонкамі блізкіх сваіх і імем Маім гаварылі ілжу, чаго Я не наказваў ім; Я ведаю гэта і Я сьведка, кажа Гасподзь.
24 І Шэмаію Нэхэламіцяніну скажы:
25 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: за тое, што ты пасылаў пісьмы ад імя свайго да ўсяго народу, які ў Ерусаліме, і да сьвятара Сафонія, сына Маасэінага, і да ўсіх сьвятароў, і пісаў:
26 Гасподзь паставіў цябе сьвятаром замест сьвятара Ёдая, каб ты быў паміж прыглядчыкамі ў доме Гасподнім за кожным чалавекам, які шалее і прарочыць, і каб ты вязьніў такога ў цямніцу і ў калодку:
27 чаму ж ты не забароніш Ерамію Анатоцкаму прарочыць у вас?
28 бо ён і да нас у Вавілон прыслаў сказаць: палон будзе працяглы: будуйце дамы і жывеце ў іх, разводзьце сады і ежце плады зь іх.
29 Калі Сафонія сьвятар прачытаў гэта пісьмо ўголас прароку Ерамію,
30 тады было слова Гасподняе Ерамію:
31 пашлі да ўсіх перасяленцаў сказаць: так кажа Гасподзь пра Шэмаію Нэхэламіцяніна: за тое, што Шэмаія ў вас прарочыць, а Я не пасылаў яго, і абнадзейвае вас фальшыва, -
32 за тое, так кажа Гасподзь: вось, Я пакараю Шэмаію Нэхэламіцяніна і племя ягонае; ня будзе ад яго чалавека, каб жыў сярод народа гэтага, і ня ўбачыць ён таго дабра, якое Я зраблю народу Майму, кажа Гасподзь; бо ён гаварыў насуперак Госпаду.