Кніга Прарока Ісаі. Chapter 41

1 Змоўкніце перада Мною, выспы, і народы хай абновяць сваю сілу; няхай яны наблізяцца і скажуць: станьма разам на суд.
2 Хто абудзіў з усходу мужа праўды, заклікаў яго ісьці сьледам за сабою, аддаў яму народы і ўпакорыў цароў? Ён абярнуў іх мечам ягоным у пыл, лукам ягоным у салому, якую разносіць вецер.
3 Ён гоніць іх, ідзе спакойна дарогаю, па якой ніколі не хадзіў нагамі сваімі.
4 Хто зрабіў і зьдзейсьніў гэта? Той, Хто ад пачатку выклікае роды; Я - Гасподзь першы, і ў апошніх - Я такі самы.
5 Убачылі выспы і жахнуліся, канцы зямлі затрымцелі. Яны зьблізіліся і сышліся;
6 кожны дапамагае свайму прыяцелю і кажа свайму брату: мацуйся!
7 Каваль падбадзёрвае гутніка, кляпальшчык - таго, хто куе на кавадле, кажучы пра спайку: добрая; і мацуе цьвікамі, каб было цьвёрда.
8 А ты, Ізраіле, рабе Мой, Якаве, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго,
9 ты, каго Я ўзяў ад канцоў зямлі, і паклікаў ад краёў яе, і сказаў табе: ты - Мой раб, Я выбраў цябе і не адкінуў цябе,
10 ня бойся, бо Я - з табою; не бянтэжся, бо Я - Бог твой; Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцаю праўды Маёй.
11 Вось, у сораме і ганьбе застануцца ўсе, угневаныя на цябе, - будуць як нішто, і загінуць тыя, што спрачаюцца з табою.
12 Будзеш іх шукаць - і ня знойдзеш іх, што варагуюць з табою; змаганцы супроць цябе будуць як нішто, зусім нішто;
13 бо Я - Гасподзь Бог твой; трымаю цябе за правую руку тваю; кажу табе: ня бойся, Я пасабляю табе.
14 Ня бойся, чарвяк Якаў, малалюдны Ізраіле, - Я пасабляў табе, кажа Гасподзь і Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў.
15 Вось, Я зрабіў цябе спраўнаю малатарняю, новаю, зубчатаю; ты будзеш малаціць і пераціраць горы, і пагоркі зробіш, як мякіну.
16 Ты будзеш веяць іх, і вецер разьнясе іх, і віхура разьвее іх; а ты зарадуешся ў Госпадзе, будзеш хваліцца Сьвятым Ізраілевым.
17 Бедныя і ўбогія шукаюць вады, і няма яе; язык іх сохне ад смагі; Я, Гасподзь, пачую іх, Я, Бог Ізраілеў, не пакіну іх.
18 Адчыню на горах рэкі і сярод далінаў крыніцы; пустыню зраблю возерам і сухую зямлю - крыніцамі вады;
19 пасаджу ў пустыні кедр, сітым і мірту і масьліну; пасаджу ў стэпе кіпарыс, явар і бук разам,
20 каб убачылі і пазналі, і разгледзелі і ўразумелі, што рука Гасподняя ўчыніла гэта, і Сьвяты Ізраілеў стварыў гэта.
21 Пакажэце дзею вашую, кажа Гасподзь; прывядзеце вашыя доказы, кажа Цар Якава.
22 Хай яны пакажуць і скажуць вам, што адбудзецца; хай абвесьцяць што-небудзь раней, чым яно адбылося, і мы ўвойдзем розумам сваім і ўведаем, чым яно скончылася, альбо хай наперад абвесьцяць нам пра будучыню.
23 Скажэце, што адбудзецца ў прыйшласьці, і мы будзем ведаць, што вы багі, альбо зрабеце што-небудзь, хай яно добрае, хай благое, каб мы дзіву даліся і разам з вамі пабачылі.
24 Але вы - нішто, і дзея вашая - нікчэмная; мярзота - той, хто выбірае вас.
25 Я ўзьнёс яго з поўначы, і ён прыйдзе; з усходу сонца будзе заклікаць імя Маё і таптаць уладыкаў, як бруд, і мясіць як ганчар гліну.
26 Хто абвясьціў пра гэта спачатку, каб нам ведаць, і задоўга да таго, каб нам можна было сказаць: праўда?, але ніхто не сказаў, ніхто не абвясьціў, ніхто ня чуў слоў вашых.
27 Я першы сказаў Сіёну: вось яно! і даў Ерусаліму дабравесьніка.
28 Дык вось, Я глядзеў, і ня было нікога, і сярод іх не знайшлося дарадцы, каб Я мог спытацца ў іх, і яны далі адказ.
29 Вось, усе яны - нішто, нікчэмныя і дзеі іхнія; вецер і пустата - балваны іхнія.