Кніга Прарока Ісаі. Chapter 32

1 Вось, Цар будзе цараваць паводле праўды, і князі будуць кіраваць паводле закона;
2 і кожны зь іх будзе абаронай ад ветру і покрывам ад непагадзі, як крыніцы вады ў стэпе, як цень ад высокай скалы ў зямлі выснаджанай.
3 І вочы відушчых ня будуць заплюшчвацца, і вушы чуйных будуць слухаць.
4 І сэрца легкадумных будзе ўмець разважаць; і гаркавыя будуць гаварыць выразна.
5 Невука ўжо не называцьмуць шаноўным, і пра падступнага ня скажуць, што ён сумленны.
6 Бо невук гаворыць дурное, і сэрца ягонае намышляе беззаконнае, каб рабіць крывадушна і вымаўляць агуду на Госпада, душу галоднага пазбаўляць хлеба і адбіраць пітво ў сасьмяглага.
7 У падступнага і ўчынкі згубныя: ён намышляе ліхое, каб загубіць беднага хлусьнёю, хай той бедны і будзе слушны.
8 А сумленны і думае пра сумленнае і цьвёрды ва ўсім, што сумленнае.
9 Жанчыны неабачлівыя! устаньце, паслухайце голасу майго; дочкі бестурботныя, прыхілеце вушы да маіх слоў!
10 Яшчэ некалькі дзён звыш году, і жахнецеся, неабачлівыя! бо ня будзе збору вінаграду, і пара жніва не настане.
11 Скаланецеся, бястурботныя! жахнецеся, неабачлівыя! і аперажэце сьцёгны.
12 Будуць біць сябе ў грудзі за цудоўныя палі, за вінаградную лазу пладавітую.
13 На зямлі народу майго будуць расьці церне і бадзякі, гэтак сама і на ўсіх дамах радасьці ў разьвяселеным горадзе;
14 бо харомы будуць пакінутыя; шумны горад будзе пакінуты; Афэл і вежа заўсёды будуць служыць замест пячораў, прытулкам дзікім аслам і напасьвеным статкам,
15 пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам, а сад ня будуць лічыць лесам.
16 Тады суд паселіцца ў гэтай пустыні, і правасудзьдзе будзе жыць на ўрадлівым полі.
17 І чынам ісьціны будзе мір, і плодам правасудзьдзя - спакайната і бясьпека вечная.
18 Тады народ мой жыцьме ў селішчы міру і ў селішчах бясьпечных і ў пакоях дабрашчасных.
19 І град будзе падаць на лес, і горад апусьціцца долу.
20 Дабрашчасныя вы, што сееце каля ўсіх водаў і пасылаеце туды вала і асла.