Кніга Навума. Chapter 2

1 Падымаецца на цябе разбуральнік: ахоўвай цьвярдыні, ахоўвай дарогу, умацуй сьцёгны, зьбірай сілу.
2 Бо адновіць Гасподзь веліч Якава, як веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташальнікі і вінаградныя галіны іх вынішчылі.
3 Шчыт герояў ягоных прыгожы; воіны яго ў адзеньні барвовым; агнём блішчаць калясьніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і лес дзідаў хвалюецца.
4 Па вуліцах нясуцца калясьніцы, грымяць на плошчах; бляск ад іх, як ад агню; бліскаюць, як маланкі.
5 Ён выклікае адважных сваіх, але яны спатыкаюцца на хаду сваім; сьпяшаюцца на муры горада, але аблога наладжана ўжо.
6 Рачная брама адчыняецца, а палац разбураецца.
7 Вырашана: яна будзе аголена і зьведзена ў палон, і рабыні яе будуць стагнаць, як галубы, б'ючы сябе ў грудзі.
8 Нінэвія з часу свайго існаваньня была як сажалка, запоўненая вадою, а яны бягуць. Стойце, стойце! Але ніхто не азіраецца.
9 Рабуйце срэбра, рабуйце золата! няма канца запасам усякага каштоўнага начыньня.
10 Разрабавана, спустошана і спляжана яна, - і растае сэрца, калені трасуцца; ва ўсіх сьцёгнах моцны боль, і твары ва ўсіх пацямнелі.
11 Дзе цяпер логвішча ільвоў і тая паша для ільвянят, па якой хадзіў леў, ільвіца і львяня, і ніхто не палохаў іх,
12 леў, які хапае для насычэньня шчанюкоў сваіх і душыць для ільвіц сваіх, і напаўняе здабычаю пячоры свае і логвішчы свае - схопленым?
13 Вось Я - на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І спалю ў дыме калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянят тваіх, і зьнішчу зь зямлі здабычу тваю, і ня будзе болей чуцен голас паслоў тваіх.