Псалтыр. Chapter 59

1 Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом ягоны, каб забіць яго.
2 Вызваль мяне ад маіх ворагаў, Божа мой! абарані мяне ад тых, што на мяне паўстаюць.
3 вызваль мяне ад злачынцаў; уратуй ад крыважэрных,
4 бо вось, яны цікуюць за душою маёю; на мяне зьбіраюцца дужыя, не за правіну маю і не за грэх мой, Госпадзе;
5 бязь віны маёй зьбягаюцца і зброю рыхтуюць; паўстань мне на дапамогу, і паглядзі.
6 Ты, Госпадзе, Божа сілы, Божа Ізраілеў, паўстань, каб наведаць усе народы, не шкадуй нікога зь бязбожных беззаконьнікаў:
7 увечары вяртаюцца яны, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць:
8 вось, яны вырыгаюць нагану сваім языком; у іхніх вуснах - мечы: «бо», думаюць, «хто чуе?».
9 Але Ты, Госпадзе, зь іх пасьмяешся; Ты пасароміш усе народы.
10 Сіла - у іх, але я да Цябе іду, бо Бог - мой заступнік.
11 Бог мой, Які любіць мяне, папярэдзіць мяне; Бог дасьць мне глядзець на ворагаў маіх.
12 Не забівай іх, каб не забыўся народ мой; разьвей іх сілаю Тваёю, і скінь іх, Госпадзе, наш абаронца.
13 Слова іхняга языка ёсьць грэх іхніх вуснаў; няхай пыхай сваёю яны зловяцца, за прысягу і за ману, якую яны вымаўляюць.
14 У гневе іх зьнішчы, зьнішчы, каб прапалі яны; і хай ведаюць, што Бог валадарыць над Якавам аж да краю зямлі.
15 Хай вяртаюцца ўвечары, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць;
16 хай бадзяюцца, ежу шукаюць, і ў нянасыці ночы праводзяць.
17 А я буду славіць сілу Тваю і з самае раніцы ласку Тваю абвяшчаць; бо Ты быў аслонаю мне і сховам у дзень майго бедства.
18 Сіла мая! Цябе буду я апяваць; бо Бог - мой заступнік, Бог мой, Які любіць мяне.