Псалтыр. Chapter 2

1 Псальма Давідава. Навошта бунтуюць народы, і намышляюць плямёны марнае?
2 Паўстаюць зямныя цары, і ўмаўляюцца разам князі супраць Госпада і супраць Памазанца Ягонага:
3 «Парвёмце ж іхнія кайданы і скінем зь сябе іхнія аковы».
4 Той, Хто ў нябёсах жыве, пасьмяецца, Гасподзь паганьбіць іх.
5 Тады Ён у гневе Сваім скажа ім, і лютасьцю Сваёй іх настрашыць;
6 «Я памазаў Цара Майго над Сіёнам, сьвятою гарою Маёю.
7 Я абвяшчу пастанову: Гасподзь сказаў Мне: «Ты Сын Мой; Я сёньня Цябе спарадзіў;
8 прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і ўладаньні Твае - аж па край зямлі!
9 Ты паб'еш іх жалезным жазлом, патаўчэш іх, як посуд ганчарны».
10 Дык вось - урымсьціцеся, цары; навучэцеся, судзьдзі зямныя,
11 служэце Госпаду богабаязна, і радуйцеся з трымценьнем.
12 Ушануйце Сына, каб Ён не загневаўся, і каб не загінуць вам у дарозе вашай, бо гнеў Ягоны загарыцца неўзабаве. Шчасныя ўсе, хто на Яго спадзяецца.