Саборнае Пасланьне Сьвятога Апостала Якава. Chapter 10

1 Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне.
2 Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму.
3 Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай;
4 бо канец закона - Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму.
5 Майсей піша пра праведнасьць ад закона: чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім.
6 А праведнасьць ад веры так кажа: не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба? - каб Хрыста зьвесьці;
7 альбо: хто сыдзе ў бездань? - каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці.
8 А што кажа Пісаньне? Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім - слова веры, якое прапаведуем.
9 Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся;
10 бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне.
11 Бо Пісаньне кажа: кожны, хто верыць у Яго, не пасаромлены будзе.
12 Тут няма розьніцы паміж Юдэем і Элінам, бо адзін Гасподзь ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае.
13 Бо кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца.
14 Але як паклікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? як пачуць без прапаведніка?
15 І як прапаведаваць, калі ня будзе пасланых? як напісана: якія прыгожыя ногі ў вястуноў міру, вястуноў добрай весткі!
16 Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?
17 Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне - ад слова Божага.
18 Але пытаюся: хіба яны ня чулі? Наадварот, па ўсёй зямлі прайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету іхнія словы.
19 Яшчэ пытаюся: хіба Ізраіль ня ведаў? Першы кажа Майсей: Я ўзбуджу ў вас рупнасьць не народам, раздражню вас народам бязглуздым.
20 А Ісая сьмела маўляе: Мяне знайшлі тыя, хто ня шукаў Мяне, Я адкрыўся тым, хто ня пытаўся пра Мяне.
21 А пра Ізраіля кажа: цэлы дзень Я працягваў рукі Мае да люду няслухмянага і ўпарцістага.