Выхад. Chapter 26

1 А скінію зрабі зь дзесяці заслонаў з суканага вісону, і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і херувімаў зрабі на іх майстэрскаю працаю;
2 даўжыня кожнай заслоны дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага заслоны чатыры локці: мера адна ўсім заслонам.
3 Пяць заслонаў няхай будуць злучаны адна з адной, і іншыя пяць заслонаў злучаны адно з адным.
4 Зрабі петлі блакітнага колеру на краі першай заслоны ў канцы, які злучае абедзьве палавіны; так зрабі і на краі апошняй заслоны, якая злучае абедзьве палавіны;
5 пяцьдзясят петляў зрабі ў адной заслоны і пяцьдзясят петляў зрабі на краі заслоны, якая злучаецца зь іншымі; петлі павінны адпавядаць адна адной;
6 і зрабі пяцьдзясят гачыкаў залатых і гачыкамі злучы заслону адну з адной, і будзе скінія адно цэлае.
7 І зрабі заслоны з казінае воўны, каб пакрываць скінію; адзінаццаць пакрывалаў зрабі такіх;
8 даўжыня адной заслоны трыццаць локцяў, а шырыня чатыры локці; гэта адна заслона; у адзінаццаці заслонах адна мера.
9 і злучы пяць заслонаў асобна і шэсьць заслонаў асобна; і шостую заслону зрабі падвойную зь відавога боку скініі.
10 Зрабі пяцьдзясят петляў на краі крайняй заслоны, каб злучаць яе зь іншай, і пяцьдзясят петляў на краі другой заслоны, каб злучаць зь ім;
11 зрабі пяцьдзясят гачыкаў медных, і ўкладзі гачыкі ў петлі, і злучы заслону, каб яна складала адну.
12 А лішак, які застаецца ад заслонаў скініі, - палавіна лішняй заслоны хай будзе зьвешана на тыльным баку скініі;
13 а лішак ад заслоны скініі, на локаць з аднаго і на локаць з другога боку, хай будзе зьвешаны з бакоў скініі з таго і з другога боку, для пакрываньня яе.
14 І зрабі века для пакрываньня са скур барановых чырвоных і яшчэ заслону верхнюю са скур сініх.
15 І зрабі брусы для скініі з дрэва сітым, каб яны стаялі:
16 даўжынёю ў дзесяць локцяў брус, і паўтара локця кожнаму брусу шырыня;
17 у кожным брусе па дзьве восьці, адну насупраць другое: так зрабі на ўсіх брусах скініі.
18 Так зрабі брусы ў скінію: дваццаць брусоў на паўднёвы бок на поўдзень,
19 і пад дваццаць брусоў зрабі сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус на дзьве восьці яго, і два падножжы пад другі брус на дзьве восьці яго;
20 і дваццаць брусоў на другі бок на поўнач,
21 і на іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус;
22 а на тыльным баку скініі на захад зрабі шэсьць брусоў
23 і два брусы зрабі на вуглы скініі на заходні бок;
24 яны павінны быць злучаны ўнізе і злучаны ўгары да аднаго колца: так мае быць зь імі абодвума: на абодва вуглы хай яны будуць;
25 і так будзе восем брусоў, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус.
26 І зрабі жэрдзі з дрэва сітым, пяць жэрдак для брусоў аднаго боку скініі,
27 і пяць жэрдак для брусоў другога боку скініі, і пяць жэрдак для брусоў тыльнага боку за скініяй, на захад;
28 а ўнутраная жэрдка будзе праходзіць па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога:
29 а брусы абкладзі золатам, і колцы, для ўкладваньня жэрдак, зрабі з золата, і жэрдкі абкладзі золатам.
30 І пастаў скінію паводле ўзору, які паказаў табе на гары.
31 І зрабі заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і суканага вісону; умелай працаю павінны быць зроблены на ёй херувімы;
32 і павесь яе на чатырох слупах зь сітыму, абкладзеных золатам, з залатымі гачыкамі, на чатырох падножжах срэбраных;
33 і павесь заслону на гачыках і ўнясі туды за заслону каўчэг адкрыцьця; і будзе заслона аддзяляць вам сьвятыню ад Сьвятога сьвятых.
34 І пакладзі вечка на каўчэг адкрыцьця ў Сьвятым сьвятых.
35 І пастаў стол за заслонай і сьвяцільню насупраць стала на баку скініі на поўдзень; а стол пастаў на паўночным баку.
36 І зрабі заслону для ўваходу ў скінію з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону ўзорыстага вырабу;
37 і зрабі для заслоны пяць слупоў зь сітыму і абкладзі іх золатам; гачыкі да іх залатыя; і вылі для іх пяць падножжаў медных.