Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце. Chapter 10

1 Праўду, праўду кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у кашару авечую, а пералазіць дзе-небудзь, той злодзей і грабежнік,
2 а хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастух авечкам:
3 яму брамнік адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага, і ён кліча авечкі свае па імёнах і выводзіць іх;
4 і калі выведзе свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі за ім ідуць, бо ведаюць голас ягоны;
5 а за чужым ня ідуць, а ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу.
6 Гэтую прытчу сказаў ім Ісус. Але яны не зразумелі, што такое Ён казаў ім.
7 І вось, зноў Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам, што Я дзьверы авечкам.
8 Усе, хто колькі іх ні прыходзіла перада Мною, - зладзеі і грабежнікі; але авечкі не паслухаліся іх;
9 Я - дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе.
10 Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць; Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
11 Я - Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі;
12 а найміт, ня пастыр, якому авечкі не свае, бачыць, як воўк падыходзіць, і пакідае авечкі і ўцякае, і воўк рабуе авечкі і разганяе іх;
13 а найміт ўцякае, бо найміт і ня дбае пра авечкі.
14 Я - Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне:
15 як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі.
16 Ёсьць у Мяне і іншыя авечкі, якія ня з гэтай кашары, і тых трэба мне прывесьці: і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.
17 За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго;
18 ніхто не адбірае яго ў Мяне, а Я Сам аддаю яго: мбю ўладу аддаць яго і ўладу мбю зноў прыняць яго; такі наказ атрымаў Я ад Айца Майго.
19 Ад гэтых словаў зноў узьнікла паміж Юдэямі нязгода.
20 Многія зь іх казалі: Ён апантаны дэманам і шалее; чаго слухаеце Яго?
21 Другія казалі: гэта словы не апантанага дэманам; ці ж можа дэман адмыкаць вочы сьляпым?
22 А настала тады ў Ерусаліме сьвята абнаўленьня, і была зіма.
23 І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым.
24 Тут Юдэі абступілі Яго і казалі Яму: ці доўга Табе трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам шчыра.
25 Ісус адказваў ім: Я сказаў вам, і ня верыце; дзеі, якія твару Я ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне;
26 але вы ня верыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;
27 авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,
28 і Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць вавек, і ніхто ня вырве іх з рукі Мае;
29 Айцец Мой, Які даў Мне іх, найбольшы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго:
30 Я і Айцец - адно.
31 Тут зноў Юдэі схапілі камяні, каб пабіць Яго.
32 Ісус адказваў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за які зь іх вы хочаце пабіць Мяне камянямі?
33 Юдэі сказалі Яму ў адказ: не за добры ўчынак хочам пабіць камянямі Цябе, а за блюзьнерства і за тое, што Ты, чалавек, робіш Сябе Богам.
34 Ісус адказваў ім: ці ж не напісана ў законе вашым: Я сказаў: вы багі?
35 Калі Ён назваў багамі тых, каму было слова Божае, і ня можа парушыцца Пісаньне, -
36 ці Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце блюзьнерыш, бо Я сказаў: Я Сын Божы?
37 калі Я не твару дзеяў Айца Майго, ня верце Мне;
38 а калі твару, дык калі ня верыце Мне, верце ўчынкам Маім, каб даведацца і паверыць, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.
39 Тады зноў намышлялі схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхніх,
40 і пайшоў зноў за Ярдан, на тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
41 Многія прыйшлі да Яго і казалі, што Ян ня ўчыніў ніякага цуду; але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, была праўда.
42 І многія там уверавалі ў Яго.