Кніга Прарока Ераміі. Chapter 16

1 І было мне слова Гасподняе:
2 не бяры сабе жонкі, і хай ня будзе ў цябе ні сыноў, ні дачок на месцы гэтым.
3 Бо так кажа Гасподзь пра сыноў і дачок, якія народзяцца на месцы гэтым, і пра матак іхніх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, якія зачнуць іх на гэтай зямлі:
4 цяжкімі сьмерцямі памруць яны і ня будуць ні аплаканыя, ні пахаваныя; будуць гноем на паверхні зямлі; мечам і голадам будуць вынішчаны, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.
5 Бо так кажа Гасподзь: не ўваходзь у дом тых, што бядуюць, і не хадзі плакаць і жаліцца зь імі; бо Я адабраў у гэтага народа, кажа Гасподзь, мір Мой і ласку і шкадаваньне.
6 І памруць вялікія і малыя на зямлі гэтай; і ня будуць пахаваныя, і ня будуць аплакваць іх, ні рваць сябе, ні стрыгчыся дзеля іх.
7 І ня будуць ламаць дзеля іх хлеб у журбоце на ўцеху па нябожчыку; і не пададуць ім чары суцяшэньня, каб піць па бацьку іх і маці іх.
8 Не хадзі таксама і ў дом баляваньня, каб сядзець зь імі, есьці і піць;
9 бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спыню на месцы гэтым і ў дні вашыя голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты.
10 Калі ты перакажаш народу гэтаму ўсе гэтыя словы, і яны скажуць табе: за гэта сказаў на нас Гасподзь усё гэта вялікае бедства, і якая наша няпраўда, і які наш грэх, якім зграшылі мы перад Госпадам Богам нашым?
11 тады скажы ім: за тое, што бацькі вашыя пакінулі Мяне, кажа Гасподзь, і пайшлі сьледам за іншымі божышчамі і слугавалі ім і пакланяліся ім, а Мяне пакінулі і закона Майго ня трымаліся.
12 А вы робіце яшчэ горш за бацькоў вашых і жывяце кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго, каб ня слухаць Мяне.
13 За гэта выкіну вас зь зямлі гэтай у зямлю, якой ня ведалі ні вы, ні бацькі вашыя, і там будзеце служыць іншым божышчам дзень і ноч; бо я не прыхілюся да вас мілажальнасьцю.
14 Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць ужо казаць: жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай,
15 а: жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх; бо вярну іх у зямлю іхнюю, якую Я даў бацькам іхнім.
16 Вось, Я пашлю мноства рыбаловаў, кажа Гасподзь, і будуць лавіць іх; а потым пашлю мноства паляўнічых, і яны пагоняць іх з кожнай гары і з кожнага пагорка і зь цясьнін скал.
17 Бо вочы Мае - на ўсіх шляхах іхніх; яны не схаваны ад аблічча Майго, і няпраўда іх не схавана ад вачэй Маіх.
18 І дам ім найперш за няпраўду іхнюю і за падвойны грэх іхні, бо апаганілі зямлю Маю, трупамі гнюсотных сваіх і мярзотамі сваімі напоўнілі спадчыну Маю.
19 Госпадзе! сіла мая і моц мая і прыстанішча маё ў дзень смутку! да Цябе прыйдуць народы ад краёў зямлі і скажуць: толькі няпраўду спадкавалі нашы бацькі, пустату і тое, у чым ніякай няма карысьці.
20 Ці можа чалавек зрабіць сабе божышчаў, якія зрэшты не багі?
21 Таму, вось Я пакажу ім сёньня, пакажу ім руку Маю і магутнасьць Маю, і ўведаюць, што імя Маё - Гасподзь.